“А самалёты ляцелі так нізка, што быў бачны твар пілота”. Аршанская вуліца Караткевіча ў прасторы і часе

Увосень 2020 года Вандроўны фэст Уладзіміра Караткевіча запісаў відэаэкскурсіі да 90-годдзя пісьменніка. Адну з іх, якая расказвае пра адрас “Орша, вуліца Караткевіча, 10) – падрыхтавала пісьменніца і суседка класіка Паліна Качаткова. Пачытайце яе краязнаўчы нарыс, на аснове якога створаная экскурсія.

Гэта дапоўненая версія тэксту “Орша. Вуліца Караткевіча”, які друкаваўся ў №4-2020 (107) часопіса “Дзеяслоў”.

Цёплы дом

Дом па вуліцы Караткевіча ў Оршы – 10. У гэтым доме Уладзімір Караткевіч напісаў першы варыянт “Дзікага палявання караля Стаха”  і шмат вершаў. Драўляны дом пабудаваны ў 1946 годзе, калі вуліца мела назву Варашылава, пазней Касманаўтаў, а цяпер – Караткевіча.

Хто жыў у доме?

Адразу пасля вайны ў доме жылі: маці Уладзіміра Караткевіча – Надзея Васілеўна, бацька Сямён Цімафеевіч, сястра Наталля, сам Уладзімір Караткевіч і пляменніца Раіса – дачка старэйшага брата Валерыя, які загінуў на фронце.

У 1959 годзе памёр бацька Уладзіміра Караткевіча,

У 1967 годзе маці пераехала да Уладзіміра Караткевіча ў Мінск.

Пляменніца Уладзіміра Караткевіча, Раіса, якую ў дзяцінстве звалі Ляля, на спартовых спаборніцтвах пад Адэсай пазнаёмілася з Юрыем Барабашам, яны ажанілся. У іх нарадзілася двое дзяцей – сын і дачка. Апошнімі гаспадарамі дома былі пляменніца Караткевіча Раіса і яе муж Юры Барабаш.

Пасля смерці Раісы Юры Барабаш жыў у доме адзін, памёр у 2015 годзе. Дом апусцеў і перайшоў у спадчыну дачцэ Барабаша Ірыне, якая прадала яго ўладальніку сеткі крамаў “Пяты элемент” Андрэю Балабіну.

Дом сям’і Караткевічаў складзены рукамі бацькі пісьменніка ў 1946 годзе. Даваенны дом быў разбураны, сям’я не мела свайго жытла, вярнуўшыся з эвакуацыі. Гэты дом стаў сапраўдным выратаваннем.

 

Горад у цемры

Раман “Нельга забыць” – кніга, дзе Орша апісаная з фатаграфічнай дакладнасцю, хаця большая частка дзеяння адбываецца ў Маскве. Бацькоўскі дом таксама падрабязна апісаны ў рамане. На ягоны тэкст варта арыентавацца, наведваючы Оршу і вуліцы Караткевіча. 

Твор мае падназоў “раман амаль што сентыментальны”. Першы раз быў надрукаваны ў часопісе “Полымя”, №5 і 6 за 1962 год пад назвай “Леаніды не вернуцца на Зямлю”.

Галоўны герой “раману амаль што сентыментальнага” прыязджае з Масквы ў родны горад, які ў рамане мае назву Востраў.

Горад Востраў цалкам адпавядае Оршы. Горад пазнавальны ў дэталях, пачынаючы ад прывакзальнай плошчы, да вуліцы, на якой героя Караткевіча сустракае маці.

Вось фрагмент рамана, які апісвае прыбыццё героя ў Востраў-Оршу ў цёплы дом:  

“Гарбаты віядук перакінуўся цераз пуці ад агнёў станцыі кудысьці ў цемру. У цемры глуха шапацелі галіны таполяў з рэдкімі жоўтымі кроплямі агнёў, што заблыталіся. На маленькай плошчы за віядукам. Толькі ў адным акне аўтобуснай станцыі ледзь свяціўся цьмяны агеньчык. Ён ішоў вулкаю прадмесця паўз сонныя дамы ў захмараных садах. Вуліца адным канцом упіралася ў галоўную вуліцу, другім у Дняпро. Ён ішоў вельмі павольна, здзіўляючыся, як кожны раз, якімі маленькімі сталі дамы, якімі высокімі, ў параўнанні з імі сады. Яшчэ здалёк, за чатыры хаты, пачуў усхваляваны радасна-залівісты брэх куртатага Тобса.  Калі ён штурхнуў фортку і прайшоў алейкаю да ганка, у адным акне загарэлася святло: маці пачула брэх, адразу ўсё зразумела і ўстала. Ён не паспеў нават пазваніць, як дзверы адчыніліся. Маці стаяла перад ім у пуховай хусціне, накінутай на плечы. І ён пераступіў парог. Позна ўначы, засынаючы ў сваім пакойчыку, ён доўга слухаў подыхі начнога ветру, сачыў, як святло вулічнага ліхтара цьмяна скача паміж яблынь, пахаваных у снезе. Гэта была Радзіма роднае гняздо, тое што нельга ўзяць ад чалавека, хіба толькі разам з жыццём. Ён змежыў вочы ў зіхценні вогненных плям паплылі перад ім абліччы. І яны таксама былі Радзімай: усе тыя, што адышлі, усе тыя, што яшчэ ідуць поруч, усе тыя, што яшчэ будуць”.

На сёння захаваўся дом, дзе герой Караткевіча бачыў прарочыя сны, панадворак, алейка, дзе сустракае маці. Захавалася і ліпа, шум у голлі якой слухаў Караткевіч. Вуліца захавалася. І кожны цікаўны прыхільнік творчасці можа прайсці маршрутам героя “раману амаль што сентыментальнага”  – “Нельга забыць”.

Варта толькі прыехаць у Оршу.  

 

Лялька Цар Ірад

Лялька Цар Ірад – самы загадкавы прадмет у наборы рэчаў, у своеасаблівым рэлікварыі, які паказвае маці галоўнаму герою рамана Уладзіміра Караткевіча “Нельга забыць” – Андрэю.

Паводле сюжэту, лялька Цар Ірад – адзіная рэч, якую прабабка героя, жонка пакаранага смерцю паўстанца 1863 года, павезла ў высылку Сібір:

“На коўдрачцы ляжаў нейкі пажаўцелы рукапіс, некалькі дагератыпаў і фотакартак, бронзавы медаль, батлеечная лялька – цар Ірад, жалезны пярсцёнак, яшчэ нейкія паперы, срэбны медальён. Адзін медаль быў “За ўціхаміранне”, другі інсургенцкі са зламаным крыжам і Пагоняй. Неяк дзіўна было браць іх у рукі.  Пацямнелыя сведкі даўніх страсцей, якія нікога зараз ужо не абыходзілі. – А вось гэта добра, – сказала маці, трымаючы на руцэ распяленага “цара Ірада”, – гэта была адзіная рэч, якую твая прабабка павезла ў Сібір. Адзіны напамін аб роднай зямлі. Ірад тапырыўся на яе руцэ, зласлівы з чорнымі вусамі, што амаль вылезлі, у выцвілай царскай вопратцы. Ён варушыў рукамі і схіляў галаву. – Яго ледзь не адабралі ў тваёй прабабкі. Нейкі дурань з чыгуннымі мазгамі палічыў, што гэта антыдзяржаўны намёк. Яна наблізіла Ірада да сябе і зараз глядзела яму проста ў шкляныя вочы. Ірад замахнуўся на яе рукой. – Бач ты, які злосны, – маці раптам зусім па-маладому засмяялася. – Трэба будзе яго, Андрэйка, пасля мяне ў музей здаць. Разам з усім”.

 

Космас

Падобна на тое, што назва вуліцы – Касманаўтаў – падабалася Уладзіміру Караткевічу.

Напачатку 60-ых далёкія сусветы вабілі, у героя рамана “Нельга забыць” адбываецца дыялог пра космас з сябрам Янісам:

“Ты паляцеў бы? – спытаў Яніс. – Хоць сёння. Гэтая самота, гэты боль, – куды хочаш ад іх. Часам мне здаецца, ад адной зямной непрытульнасці чалавек можа… туды”.   

Ды значна лепей жыць на вуліцы Касманаўтаў, чым на вуліцы Варашылава, як перад гэтым называлася вуліца, якая шмат разоў мяняла назву, кажуць ні адну вуліцу ў горадзе не пераймяноўвалі так часта – Паштовая, Півавараная, Ігнатоўскага, Варашылава, Півавараная (падчас Другой сусветнай вайны), зноў Варашылава (пасля вайны, Касманаўтаў (пасля першага палёту ў космас), і – Караткевіча.

30 снежня 1961 года Уладзімір Караткевіч піша верш “Вуліца Касманаўтаў” – менавіта так з вялікай літары – Касманаўтаў:

У горадзе без тралейбусаў,

над імклівай нямоўчнай ракой,

На вуліцы Касманаўтаў — хата маці маёй,

На вуліцы Касманаўтаў, дзе ўлетку бубняць чмялі,

На самай мне любай вуліцы з усіх,

што ёсць на зямлі…

Пасталі дамы ў пажары каралавых арабін —

Шаснаццаць аднапавярховых і двухпавярховы адзін.

А поруч з імі ўзносяцца над стромай садоў залатых

Велічны гмах піўзавода і дом Грамады глухіх.

(…)

Вуліца Касманаўтаў збягае ў лагчыну з гары.

Вытокі яе — у горадзе, вусце яе — у Дняпры.

Направа — дамы і краны, і шызы з комінаў дым,

Налева — Дняпро і абрывы, і аблокі над гэтым усім.

(…)

З вуліцы Касманаўтаў на срэбны гасцінец нябёс.

Дзякуй за адпачынак. Сад зацвіў недарма,

Я іду адсюль. Я спяшаюся. Дарозе канца няма.

І недзе далёка свеціць, як забыты цёплы маяк,

Вуліца Касманаўтаў —

пустая калыска мая.

У вершы Уладзімір Караткевіч, як і ў рамане “Нельга забыць” зноў дакладна апісвае вуліцу, дзе стаіць дом яго сям’і. Нават колькасць дамоў указвае дакладна: “Шаснаццаць аднапавярховых і двухпавярховы адзін”. Пра двухпавярховыя доўга думала: што ж гэта такое, – і зразумела, што гэта кантора піўзавода, дзе сядзела дырэкцыя.

Цяпер на верхняй частцы вуліцы Караткевіча ў Оршы захаваліся толькі тры старыя прыватныя дамы – №10 (дом Караткевіча), №8 і №6 (дом, у якім ніхто не жыве). На схіле да Дняпра – чатыры прыватныя дамы. Салярныя знакі: вуліца Караткевіча, дом 6, дзе ніхто не жыве.

 

Вуліца ў 50-ыя гады

Пра вуліцу Караткевіча (на той час імя Варашылава) з 1948 па 1953 год распавядае мая маці, Бязручка Ірына Пятроўна.

Аповед тычыцца часткі вуліцы ад перакрыжавання з вуліцай Леніна да схілу да Дняпра.   Пра частку вуліцы, якая на схіле, асобны аповед. Перакрыжаванне сучасных вуліц Леніна і Караткевіча. Раней тут былі дамы і гароды.

Гаворыць Ірына Бязручка:

“Паварот да першай школы. Там стаяла калонка, да якой мы хадзілі па ваду. Потым стаяў складаны драўляны будынак, часткова ён быў двухпавярховы, часткова аднапавярховы. У гады майго дзяцінства ў частцы будынку знаходзіўся рэстаран, у частцы – кантора ваенгандлю, пэўны час там была майстэрня па пашыве адзення – мне там пашылі дзіцячае паліто. Там таксама жылі некаторыя супрацоўнікі ваенгандлю, напрыклад Чатыркіны. За будынкам было пустое месца. Гэтае пустое месца працягвалася па Леніна да таго дому, дзе мы жылі пасля вайны, пакуль не пабудавалі свой дом на беразе Дняпра. Дом, дзе мы жылі пасля вайны, – габрэйскі дом на дзве паловы, з параднымі выхадамі на вуліцу, якія на той час былі зачыненыя. І ў адну частку дома вярнулася сям’я, якая і павінна была там жыць – Аронавы, а гаспадары другой паловы, напэўна, не выжылі, і гэтая палова дома была дзяржаўная. І дзяржава выкарыстоўвала палову дома, мы там жылі пэўны час яшчэ з адной сям’ёй, там была вельмі вялікая кухня і два пакоі. Кухня адным бокам выходзіла на вуліцу Леніна, там быў зачынены парадны ўваход, а другім бокам – у двор. Цырульня, якая стаяла паміж ваенгандлем і домам, з’явілся пазней. З’явіўся невялікі будынак, у якім рамантавалі абутак і месцілася цырульня. Але гэта было не адразу пасля вайны, а пазней. Потым быў дом, які дзвюма вокнамі выходзіў на Леніна, ён стаяў не ўздоўж, а поперак – звычайны прыватны аршанскі дом. А потым быў дом, дзе было шмат людзей і дзяцей – барак – там людзі атрымлівалі пакоі для жытла. А потым піўзавод. Памятаю дом Лосевых. Гэта была інтэлігенцыя. Лосеў – настаўнік. Потым жылі Спадабаевы, таксама настаўнікі. Быў дом, дзе жыла рудая жанчына – у гады майго дзяцінства ў яе былі індыкі з грабянямі – страшныя, яны выходзілі на вуліцу і былі вельмі страшныя. Потым былі Бакуневічы ці Бакуновічы. Таксама дом стары стаяў – гэта ўсё з гэтага боку – паміж сучасным радзільным домам і сучаснай вуліцай Леніна. На месцы радзільнага дому быў дзіўны Г-падобны дом-барак і пустое месца яшчэ. Да рэвалюцыі гэты барак належаў нейкай супольнасці – ці то талстоўцам, ці то нейкай іншай супольнасці. А ў гады майго дзяцінства там людзі проста атрымлівалі жытло.  Там жыла мая сяброўка Валя, калі была маленькай дзяўчынкай, пакуль яны не пабудавалі свой дом за Дняпром. Яна распавядала, што там вельмі вялікія глыбокія сутарэнні. А прастора была Г-падобнай і другая палова барака падыходзіла да стадыёна. Я яшчэ была там КЕЧ – гаспадарчая арганізацыя звязаная з войскам. У КЕЧы працавалі сябры нашых бацькоў Верам’ёвы, які пасля пераехалі ў Менск. У гады майго ранняга дзяцінства яны працавалі ў КЕЧы, але там былі не жылыя будынкі, а тэхнічныя. Гаспадарчыя. Я памятаю, калі я заканчвала першую школу, можна было ісці са школы напрасткі праз стадыён дадому. Першая школа ў гады майго дзяцінства была не проста школай, а яшчэ і жытлом, там жыў дырэктар школы Чарняк, які быў сябрам майго таты – высокі. Вясёлы, кучаравы мужчына. Калі я была зусім маленькая, яны жылі ў самой школе, і там жа была нейкая невялікая крама. У цагляны будынак, дзе быў тады суд, прывозілі злачынцаў і не злачынцаў – быў дзеючы суд. А быў яшчэ дом Трусевіча – рэпрэсаванага святара. І да дома была прылепленая прыбудова, у ёй жыла жанчына, у якой была каза. Я памятаю: каля школы на слупе былі налепленыя абвесткі і каза іх аб’ядала. А яшчэ каля гэтага дому быў бэз і ў зарасніку бэзу – валун. Ён падзяляў наш гарод і іх.  Гарод гэтага дому ішоў да Дняпра некалі, калі я была маленькая, пайшла гародамі да Дняпра – гарод наш – гарод Трусевічаў – потым я магла прайсці напрасткі. Не было тады школьнага стадыёну – былі гароды без агароджы. Я, як пайшла, так і дайшла да ракі. А рабіла я так неаднойчы, раз правалілася ў ваду і прамачыла валёнкі. На месцы нашага будучага дома былі акопы. На схіле дом – Ральцэвічаў, сын старэйшы, якіх стаў вядомым мастаком-графікам”.

 

Вуліца ў 60-ыя гады

Пра вуліцу імя Уладзіміра Караткевіча ў Оршы, на той час Касманаўтаў, – пачатак 60-ых распавядае Людміла Бязручка, мая родная цётка. Аповед тычыцца часткі вуліцы ад перакрыжавання з вуліцай Марата да Леніна, і ад Леніна да схілу да Дняпра. Цяпер на верхняй частцы вуліцы Караткевіча ў Оршы захаваліся толькі тры старыя прыватныя дамы – №10 (дом Караткевіча), №8 і №6 (дом, у якім ніхто не жыве). На схіле да Дняпра – чатыры прыватныя дамы.

Гаворыць Людміла Бязручка:

“Напачатку 60-ых на нашай вуліцы было шмат настаўнікаў. Вуліца настаўнікаў. На рагу вуліц Марата і цяперашняй Караткевіча месціўся маленькі дамок, у якім жыла сталага ўзросту жанчына – Саковіч, былая настаўніца. Памятаю, да яе яшчэ ўнучкі прыязджалі. Пасля ішоў дом Караткевіча, з гэтага дому я памятаю яго маладую пляменніцу, якую ўсе звалі Ляля. А пасля ішоў дом, які цяпер купіў разам з домам Караткевіча прадпрымальнік з “Пятага элемента”. Там жыла  сям’я Беразы, гэта быў медык – мамін калега, ён таксама ў санстанцыі працаваў. У яго была жонка і дачка, якая недзе жыла ў Маскве, і калі Бераза памёр, жонка пераехала да дачкі. Наступны дом быў цётак Эдзіка Алейнікава – майго аднакласніка. А за іх домам быў дамок Званкоўскіх – муж і жонка. У іх быў вельмі добры кветнік. Тады мала ў каго быў добры кветнік, а ў іх былі цюльпаны, нарцысы, бэз, вядома, быў. І найбольш яны ганарыліся жоўтымі цюльпанамі. Гэтая сям’я мяне цікавіла, яны вылучаліся на фоне іншых, былі вельмі інтэлігентныя людзі. Ужо не працавалі і ён, і яна. І выглядалі яны неяк інакш – вельмі культурныя. А за іх дома далей ішоў піўзавод. Піўзавод і знёс іх дом. Піўзавод планаваў пашырацца, а потым так і не пашырыўся. Планавалі спачатку ўсю верхнюю частку вуліцы зносіць, але спыніліся на дамку Званкоўскіх. А калі перайсці на другі бок ад піўзавода, дзе да апошняга часу захоўваліся вялікія тоўстыя бярозы, якія ўжо спілавалі. І быў там куст бэзу, які таксама доўга знішчалі і вынішчылі. Гэтыя бярозы раслі каля дома Лосева. Лосеў быў настаўнік матэматыкі, карэнні ў яго былі з Дуброўна. Жонка ў яго памерала, засталіся дзве дачкі. Адна з іх скончыла жыццё самагубствам, яна вучылася ці то ў Маскве ці то ў Ленінградзе, была вельмі модная і прыгожая дзяўчына. Пасля Лосевых жылі Спадабаевы. Ён быў настаўнікам біялогіі ў сёмай школе. У яго ў доме быў асобны пакой увесь у кветках. У іх была вялікая сям’я – сем дзяцей. Маці ў іх таксама мела настаўніцкую адукацыю, але не працавала. Карову яны трымалі, пасвілі на беразе. Пра карову быў артыкул у газеце “Ленінскі прызыў”, што “па беразе Дняпра ходзіць безнадзорная жывёліна”, у нейкага мужчыны яна зжавала адзенне. За домам Спадабаевых быў дом рудой Алачкі, у яе было шмат коз. Наступны дом згадваю, як у сне. Там жылі ці то Бакуновічы ці то Бакуневічы. І быў яшчэ дамок у глыбіні, ад яго на тэрыторыі радзільнага дома засталіся яблыні, там жыла жанчына з сынам. Потым пусташ. Потым барак. А стайні каля стадыёна былі ў выглядзе руінаў – каробка цагляная стаяла. На схіле гары – дом Ральцэвічаў”.   

Уладзімір Караткевіч і чорны “Опель”

27 кастрычніка 2020 года выйшла ў Оршы на вуліцу імя Уладзіміра Караткевіча і спытала ў суседа Алега Салаўёва: „Ці бачыў ён жывога Караткевіча?”.

А ён кажа:

“Ён мяне на чорным „Опелі” катаў. Напачатку 60-ых у гэтым доміку, дзе цяпер шыльдачка быў (і цяпер ёсць) гараж. А ў гаражы чорны “Опель”. І ён, Караткевіч, нармальны такі быў (паказаў высокі рост – аўт.), і мы набіваліся ў “Опель”, як селядцы – дзеці з усё вуліцы і дзеці з бараку, які стаяў на гары. Ён катаў нас тут каля дома – да вуліцы Леніна і па Марата. Заўсёды частаваў пячэннем, цукеркамі. А пасля Караткевіч з’ехаў, “Опель” пастаяў яшчэ пару гадоў і таксама знік”.

Алег – своеасаблівы гісторык (ці міфатворца) вуліцы Караткевіча ў Оршы гісторыя выглядае, як казка-мара, як гарадская легенда. Кажуць, што Караткевіч не мог кіраваць аўто, хаця ў аповедзе гаворка вядзецца пра вельмі невялікую адлегласць перад домам на паўпустой вуліцы пачатку 60-ых. Але на гісторыю пра чорны “Опель “ і Уладзіміра Караткевіча адгукнуўся Аляксандр Куляеў, які жыў у той час у Оршы і шмат ведае пра гісторыю штодзённасці горада:

“Пра чорны “Опель” магу дадаць наступнае: у Оршы сапраўды ў 1948 годзе з’явіўся раскошны “Опель-адмірал” чорнага колеру. Аршанскі ГК ЛКСМБ быў прызнаны лепшай арганізацыяй сярод камсамольскіх у рэспубліцы, мой бацька быў у той час першым сакратаром гаркама камсамола і быў узнагароджаны ордэнам працоўнага Чырвонага Сцяга, а гаркам атрымаў чорнага “Опеля”. Як звычайна ў той час аўто было з гісторыяй. Казалі з гаража гаўляйтара, у 44 на ім ездзіў (вазілі) П. Панамарэнку, потым перадалі сакратару ЦК ЛКСМБ, а ў 49 годзе ў Оршу. Да пачатку 60-ых гадоў аўтамабіль быў на балансе гаража гаркама партыі, затым быў спісаны і яго выкупіў кіроўца, які жыў дарэчы, у раёне Марата і здаецца даводзіўся Караткевічу нават сваяком. Так што вельмі верагодна, што ён катаў і Караткевіча і дзяцей. Потым машына змяніла некалькі ўладальнікаў. У канцы 70- ых яе купіў бацька маёй вучаніцы Валі Сопелевай. Там матор стаяў ужо ад газ 53, іншая скрынка, было шумна і хуткасць максімальная 120. Такі канец гістарычнай машыны”.

Мая мама, Ірына Бязручка, якая 1944 год нараджэння, і жыла на той жа вуліцы, якая цяпер мае імя Караткевіча, гаворыць, што гісторыя падобна на праўду: пасля вайны ў Оршы было вельмі шмат трафейных машын, а на пачатку 60-ых у горадзе стаялі ўжо рэшткі гэтых машын. Напрыклад, каля 1-ай школы, дзе была аўташкола стаяў доўга кузаў трафейнай машыны, Дарэчы, падобная машына, апісаная ў рамане “Нельга забыць”. На ёй галоўны героя разам з нявестай Алёнкай і сваяком-палкоўнікам, які сядзіць на месцы кіроўцы, трапляе ў смяротную аварыю на шашы каля моста праз раку Бобр.

Алег Салаўёў жыве на вуліцы з пачатку 60-ых, у той час як раз вуліцу перайменавалі ў чарговы раз – замест вуліцы імя Варашылава, яна стала вуліцай Касманаўтаў. Алег Салаўёў распавядае пра тое, як напачатку 60-ых дзеці з вуліцы хадзілі з Караткевічам “глядзець на Дняпро” (гэта від аршанскай медытацыі).  Алег Салаўёў кажа, што калі спускаліся з гары, то Караткевіч ішоў пасярэдзіне, а дзеці вакол яго ішлі натоўпам “як зайчыкі” (так і кажа: “як зайчыкі”).  Дзяцей на вуліцы было шмат, бо на гары стаяў барак, якога даўно няма, і там жыло шмат дзяцей. На бераг хадзілі і проста глядзець на Дняпро і купацца. На беразе сядзелі на лодках, навязаных ля берага, глядзелі на ваду і на самалёты, якія ляцелі ў Балбасава. А самалёты ляцелі так нізка, што быў бачны твар пілота. Купаліся каля камня. Гэта вялікі чырвоны валун, што памятае шмат пакаленняў аршанцаў, з верхам, які ўздымаецца над вадой, як панцыр чарапахі. Ныралі з каменя. І Караткевіч казаў дзецям, каб далей за камень не заплывалі, а яшчэ сварыўся, калі бачыў, што дзеці кідаюць смецце на беразе – фанцікі ад цукерак і марозіва.

 

 “З адхону на дняпроўскі лёд”

У рамане “Нельга забыць” Уладзімір Караткевіч з фатаграфічнай дакладнасцю адлюстроўваў рэаліі і рэльеф вуліцы Касманаўтаў (цяпер Караткевіча). Усё, што апісана ў рамане, захавалася.

Галоўны герой Андрэй Грынкевіч прыязджае ў родны горад, каб узяць паўзу ў складаных адносінах з жанчынай і паглыбіцца ў творчы працэс на тле трагічнага кахання. І вось фрагмент рамана “Нельга забыць”, які апісвае вуліцу і адхон Дняпра і пераезд на лыжах з правага берагу Дняпра на левы. Тут апісаны рэльеф вуліцы, якая збягае да самага Дняпра з гары:

“… уставаў у шэсць гадзін раніцы, калі ў гарадку гарэлі толькі рэдкія агні і ранішні снег вішчаў пад лыжамі. З адхону на дняпроўскі лёд, потым на стромы адхон процілеглага берага. Праз дзесяць хвілін ужо не хочацца спаць, знікае некуды свінцовы цяжар стомы. Лыжы бягуць па зарэчных палях, перасякаючы ваўчыныя сляды і хітрыя зайцавыя петлі. Вялікі круг на поўнай хуткасці. Потым імпэтны як падзенне палёт дном яра, – мільгаюць хмызы над галавой. Можна спыніцца і ўмыцца пякуча-мяккай вадой з палонкі. Але толькі на хвіліну. Не больш”.

Герой прыязджае ў Оршу, каб напісаць сцэнар, аповесць, і п’есу – усё за 38 дзён. Яму спрыяюць – моцная кава і лыжныя прабежкі па левым беразе Дняпра:

“Снеданне з моцнай кавай. Кафейнік на агні. Вельмі салодкая вада яшчэ не пачынала кіпець, толькі драбнюткія бурбалкі ўзнікаюць на самых краях паверхні… Кава ў сталовай лыжцы з коптурам… Яна пахне так, што прачнуўся б і мёртвы. Дзве шклянкі вады… Лыжка… Другая… Трэцяя. З таго боку, дзе агонь большы, паверхня пачынае ўздымацца, паўмесяцам наплываць на астатняе. Абы не перакіпела! Хопіць”. 

Адам Мальдзіс у кнізе “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча” згадвае, як сябры  наведалі 29 кастрычніка 1983 годзе ўжо вельмі нездаровага пісьменніка.

У 1983 годзе 28 лютага ў адзін дзень памірае жонка Караткевіча, Валянціна, і любімая цётка Яўгенія, якая жыла ў Кіеве. У стане нервовага зрыву Караткевіч прыязджае ў Оршу.

Адам Мальдзіс у кнізе “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча” згадвае:

“Летам Караткевічу крыху палепшала. Ён зноў стаў хвалявацца за лёс помнікаў архітэктуры, розных “апальных” асоб. Некалькі разоў пазваніў з гэтай прычыны А. Т. Кузьміну, які, наколькі магу меркаваць з дзвюх тагачасных размоў, вельмі хваляваўся за здароўе пісьменніка і рабіў канкрэтныя захады, каб яго ўратаваць. Спробы, часам нават адчайныя, уратаваць Валодзю ад дэпрэсіі, рабілі і мы, ягоныя сябры. Але вынікі былі толькі часовыя. І тут Наталля Сямёнаўна рашыла, што яму трэба змяніць асяроддзе, паехаць у Оршу, дзе жыла яго пляменніца Ляля і яе муж Юра. На радзіме, здавалася, хворы павінен акрыяць. 29 кастрычніка разам з Нінай Уладзіміраўнай Адамчык, Галінай Львоўнай Кісялёвай, лекаркай з бальніцы і дачкой Наталлі Сямёнаўны Надзяй я наведаў Валодзю ў Оршы. Ён адчуваў сябе, як сам казаў, “пяцьдзесят на пяцьдзесят”, лепш стаў есці, чытаў кнігі, апекаваўся катамі. Узрадаваўся нашаму прыезду. Шкадаваў толькі, што пільныя справы перашкодзілі прыехаць Быкаву і Кісялёву („Кісялю”). Паказаў нам хату, у якой жыў (па вуліцы Касманаўтаў, 10) – яна была пабудавана адразу ж пасля вайны з бярвення, перавезенага з вёскі (месца ж знаходжання бацькоўскай хаты акрэсліў вельмі прыблізна: там усё змянілася). Разам мы выйшлі на бераг Дняпра, прыбранага ў асеннюю пазалоту дрэў. Але спусціцца па стромкім адхоне да самой ракі Валодзя ўжо не рашыўся — адмаўлялі слухацца ногі. Назаўтра пазваніў Васіль Быкаў, распытваў пра стан здароўя Караткевіча. Казаў, што і сам з’ездіць да яго пасля Кастрычніцкіх свят, калі крыху вызваліцца. У снежні, на зіму, Уладзімір Караткевіч вярнуўся ў Мінск. З кватэры амаль не выходзіў, з выдавецтвамі кантактаваўся па тэлефоне. Я некалькі разоў заходзіў да яго, каб угаварыць на курс лячэння, прапанаваны літоўскім медыкам Валдасам Банайцісам”.

 

Вуліца ў 2020 годзе

А вось і маё адчуванне вуліцы.

У тры гадзіны ночы, калі прыязджаеш у Оршу, час дзіўнаваты: на вакзале каля абменніка можна пабачыць дзевак у паўваеннай форме з нашыўкамі сепаратысцкай ДНР – куды едуць, адкуль і навошта? Вандроўны мастак каля прыгарадных касаў малюе партрэты таксістаў за невялікія грошы. Горад спіць. Выходзіш з таксі, спускаешся па вуліцы імя Уладзіміра Караткевіча да Дняпра з гары. У ліпах варушацца нябачныя вялікія птушкі. ведаю, там жывуць сойкі і дзяцел. І раптам адчуваеш рух паветра, ляціць штосьці важкае і страшнае. Сава, вялікі пугач, ляціць над Дняпром ракой нізка-нізка, далятае да канца стадыёна, да таго месца, дзе калісьці стаяла парашутная вышка і паварочвае на цэнтр горада, як цяжкі бамбардавальнік. Парашутная вышка – яшчэ адно аршанскае месца, якое было адлюстраванае ў рамане Уладзіміра Караткевіча “Нельга забыць”: Парашутная вышка стаяла за кінатэатрам “Перамога” і за стадыёнам на беразе Дняпра. Страшная жалезная гаргара, якую занядбалі, амаль адразу, як пабудавалі. Іржавыя пляцоўкі і металёвыя тросы, усё гэта хісталася і пагрозліва рыпела, як заходзіш нават на першую пляцоўку.  Вышка цяпер не існуе. Парэзаная і здадзена на металалом, як і баржы з Дняпра.  А вось як яна выглядае ў рамане Уладзіміра Караткевіча “Нельга забыць”:

“Імпэтная страла вышкі, узнесеная над затокай, над зеленаватым Дняпром, над дубамі, што шырока растрэслі на процілеглым баку свае зялёныя шапкі. На гэтай страле раптоўна з’явілася танюткая, таксама ўзнесеная ў неба, дзявочая постаць. І гурт раптоўна сціхнуў у адным дыханні ад таго, што яна збіралася рабіць. Яна адарвалася ад апоры, зрабіла паўкола ў паветры, быццам яшчэ думала, дзе лепей – у ззяючым майскім небе ці ў таемных глыбінях вады, – потым плаўна, з той лёгкасцю, якая прымушае людзей верыць у палёт, памкнулася ўніз. Рукі – ластаўчыны крылы, прыгожы выгіб ног – сімвал палёту. Дзяўчына ляцела над зямлёй”.

Праўда жыцця і праўда вымыслу.

Паліна Сцепаненка