Адрасы Уладзіміра Караткевіча

Бясплатныя аўтарскія экскурсіі па Вільні, Кіеве, Мінску і Оршы пройдуць 19-20 верасня. Шчыра запрашаем ўсіх аматараў творчасці Караткевіча на захапляльныя шпацыры па любімых гарадах пісьменніка.

У межах Вандроўнага фэсту Караткевіча Пісьменнікі і літаратуразнаўцы правядуць пешаходныя экскурсіі для шырокага кола аматараў літаратуры. Мы падрыхтавалі для вас маршруты па Мінску, Оршы, Вільні і Кіеве. Дакладныя дзень і час пачатку кожнай экскурсіі будуць абвешчаныя ў першай палове верасня.

Мінск-1: “Шасцідзясятнік Караткевіч” з Антонам Рудаком

У пачатку 1963 года Уладзімір Караткевіч атрымаў сваю першую кватэру і пачаў абжывацца ў Мінску. Падчас экскурсіі можна даведацца, у якіх дэкарацыях адбываліся першыя крокі маладога пісьменніка ў беларускай сталіцы, дзе праходзілі абмеркаванні ягоных твораў, якімі шляхамі хадзілі па Мінску 1960-ых сябры і ворагі маладога таленту.

Экскурсію правядзе паэт, гісторык краязнаўца АНТОН РУДАК.

Маршрут: вул. Чарнышэўскага – вул. Кузьмы Чорнага – вул. Сурганава – пр. Незалежнасці (да БНТУ).
Асноўныя кропкі: дом Караткевіча на вул. Чарнышэўскага, АН БССР, выдавецтвы і рэдакцыі (пр. Незалежнасці, 77), БПІ, кавярня “Маладзёжная”, к/т “Зорка”.

Працягласць: 1,5 – 2 гадзіны.

Збор у двары дома па вул. Чарнышэўскага, 7.

Як дабрацца: метро да ст. “Акадэмія Навук” і 5 хвілін пешкі, тралейбусамі 29, 61, 35, аўтобусам 38т да прыпынку “Кузьмы Чорнага”, трамваямі 1,6,11 да прыпынку “Чарнышэўскага”.

Мінск-2: “Адрасы Караткевіча” з Адамам Глобусам

Мы пройдземся па мясцінах, дзе жыў і працаваў Уладзімір Караткевіч, калі быў ужо вядомым і ўсенародна любімым беларускім літаратарам. Экскурсію правядзе пісьменнік, мастак і пэўны час сусед Уладзіміра Караткевіча па пад’ездзе АДАМ ГЛОБУС.

Маршрут: “Кнігарня пісьменніка” (вул. Казлова,2) – Дом літаратара (вул. Фрунзэ, 5) – вул. Карла Маркса, 36 – апошні мінскі адрас Уладзіміра Караткевіча.

Працягласць: 1 – 1,5 гадзіны.

Збор каля ўваходу ў “Кнігарню пісьменніка” (вул. Казлова, 2).
Як дабрацца: метро да ст. “Плошча Перамогі” і 3 хвіліны пешкі, трамваі 1,3,4,6,11.

Орша: “На самай мне любай вуліцы з усіх, што ёсць на зямлі”

Экскурсію правядзе пісьменніца, праваабаронца, аршанская суседка сваякоў класіка ПАЛІНА КАЧАТКОВА.

Экскурсія пройдзе па вуліцы да дому бацькоў Караткевіча, дзе пісьменнік быў у гады юнацтва і куды вярнуўся за год да смерці. Школа №1, дзе вучыўся пісьменнік, – будынак пачатку XX стагоддзя ў стылі “мадэрн”. Экскурсанты наведаюць дом Караткевіча, агледзяць пуню, на гарышчы якой была напісаная аповесць “Дзікае паляванне Караля Стаха”, спусцяцца з гары  на бераг Дняпра да ліпаў 1914 года, апяяных адным з вершаў Караткевіча, пройдуць берагам Дняпра паўз месца, дзе пралятала над ракой з парашутнай вышкі гераіня рамана “Нельга забыць” Алеся, да парку “Казачная краіна”, дзе стаіць помнік Караткевічу. Канец экскурсіі – на месцы дома, дзе да вайны жыла сям’я Караткевічаў і які ў вайну быў знішчаны.

Збор у пачатку вуліцы Караткевіча каля адзнакі “Нулявы кіламетр”.

Працягласць – 1 гадзіна 15 хвілін.

 

“Кіеўскі раман” Караткевіча

 

Экскурсію правядзе ВЯЧАСЛАЎ ЛЯВІЦКІ – пісьменнік, літаратуразнаўца, перакладчык і папулярызатар сучаснай беларускай літаратуры.

“Калі я ў творах сваіх хаця крыху ўрбаніст, то гэта таму, што многія і многія гарады я зведаў, але Кіеў быў адным з першых гарадоў, будынкі і плошчы якога ненавязліва вучылі мяне гэтаму”, – прызнаваўся Уладзімір Караткевіч. Сапраўды: сталіца Украіны, дзе аўтар прабавіў гады студэнцтва (1949 – 54), узмацняла яго веру ў каштоўнасць памяці, а таксама спрыяла занурэнню ў ашаламляльную сучаснасць.

Кіеў стаў для Караткевіча прасторам прагнага самапазнання ды хімерных прыгод. Тут пісьменнік закохваўся ў дзяўчат і напаўняўся любоўю да гісторыі Беларусі. У Кіеве ён захапляўся «маленькім Крымам» за пару крокаў ад Хрэшчатыка і дабравольна стаў «паддоследным трусікам» у прыродазнаўча-навуковых эксперыментах, лекаваў горла вядомаму опернаму спеваку і выконваў абавязкі bodyguard’а папулярнага шансанье. Без квяцістага жыцця ў гэтым горадзе, прасякнутага шматлікімі таямніцамі, чытачы не ведалі б нізкі выбітных вершаў, аповесцяў «У снягах драмае вясна» (1957) і «Лісце каштанаў» (1972), эсэ «Мой се градок!» (1982), «Сон аб тым, што было» (1980) ды іншых твораў.

Чаму фешэнебельная забудова нагадвала пісьменніку пра напалову казачныя экзатычныя краі? Які «бібліятэчны міф» пра літаратара цалкам супярэчыць рэчаіснасці? Ці быў у пісьменніка ў Кіеве любімы раён? У чым палягаў «транспартны лайфхак» маладога аўтара? Як у гістарычны тэкст трапіла тэрыторыя верталётнай пляцоўкі Віктара Януковіча? Адказ на гэтыя пытанні дасць Вячаслаў Лявіцкі.

Маршрут: вул. Володимирська, alma mater пісьменніка і знакавы фантан – бульвар Тараса Шевченка – вул. М. Коцюбинського і першы помнік У, Караткевічу – вул. Б. Хмельницького і будынак, дзе в 1940‑х гадах аўтар жыў у роднай цёткі, – вул. Лисенка – Золоті ворота, дзе літаратару запомнілася некалькі незвычайных «гараджан» з хвастамі, – вул. Прорізна – «мушкецёрскі локус» Хрещатика – Пасаж і будынак, у якім маладога аўтара чакаў вялікі сюрпрыз, – вул. М. Заньковецької – архітектора Городецького – площа Івана Франка – вул. Банкова, на якой і сёння жыве прататып аднаго з персанажаў Караткевіча.

Працягласць: каля 2 гадзін.

Збор каля помніка Тарасу Шаўчэнку насупраць Кіеўскага нацыянальнага універсітэта яго імені.
Як дабрацца: на метро да станцый «Театральна» або «Площа Льва Толстого», ад якіх падняцца ў парк Шаўчэнкі (10 хв. пехатою).