Конкурс дэбютных рукапісаў “Неба з сабою”

Аўтары і аўтаркі, якія не маюць кніг на беларускай мове, могуць даслаць рукапісы  на конкурс да 9 жніўня. Узрост дэбютантаў неабмежаваны. Падрыхтоўку макетаў найлепшых кніг падтрымае кампанія “5 элемент”.

– Там мы стаялі пад чыстым небам, –

вінавата сказаў палачанін. –

А тут такая цемра. Такая свінячая цемра!

– Кінь. Чалавек носіць сваё неба з сабою.
(“Ладдзя роспачы”)

Беларускі ПЭН-цэнтр у межах Вандроўнага Фэсту Уладзіміра Караткевіча і пры падтрымцы кампаніі “5 элемент” зладзіць серыю майстар-класаў “Неба з сабою”, якая дасць магчымасць аўтарам падрыхтаваць  першую кнігу творчасці на беларускай мове. Адбор для ўдзелу ў майстар-класах адбудзецца на конкурснай аснове.

Да ўдзелу запрашаюцца аўтары ды аўтаркі, якія ніколі не выдавалі ўласных кніг на беларускай мове ў электронным або папяровым фармаце. Кнігай лічыцца выданне, якое мае ISBN. Дэбютам таксама лічыцца першая кніга паэзіі пры наяўнасці кніг(і) прозы – і наадварот. Дыяпазон жанраў прозы і паэзіі неабмежаваны. Разглядаюцца таксама дэбютныя кнігі  драматургіі. У выпадку суаўтарства дэбютантамі павінны быць усе ўдзельнікі творчага калектыву. Узрост удзельнікаў не абмежаваны. Колькасць рукапісаў, якую можа даслаць адна асоба, неабмежаваная. Усе спрэчныя выпадкі, звязаныя з допускам удзельнікаў да конкурсу, застаюцца на разгляд літаратурнага журы і арганізатараў.

Літаратурнае журы адбярэ некалькі рукапісаў і прапануе  працу над імі ў межах тыднёвай сесіі майстар-класаў. У залежнасці ад краіны пражывання ўдзельнікаў ды эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце заняткі будуць спалучаць вочную і дыстанцыйную формы правядзення. Вынікам майстар-класаў зробяцца макеты дэбютных кніг.

Удзел у конкурсе бясплатны. Арганізатары конкурсу таксама будуць шукаць магчымасць падтрымаць стварэнне макетаў (рэдактура, карэктура, вёрстка і вокладка) дэбютных кніг і пракансультуюць аўтараў ды аўтарак наконт магчымасцяў выдання.

Умовы конкурсу

Для ўдзелу ў конкурсе трэба даслаць файл з рукапісам меркаванай кнігі (дапускаюцца чарнавыя, недапрацаваныя варыянты) ў фарматах .docx або .rtf, кароткія звесткі пра сябе і кантакты для зваротнай сувязі (е-мэйл, тэлефон) на адрас [email protected] з пазнакай у тэме ліста “Неба з сабою” да 9 жніўня  2020 года ўключна.

Рукапісы, дасланыя на конкурс, не рэцэнзуюцца.

Рукапісы трапяць на разгляд літаратурнага журы ў ананімным выглядзе.

Асобы, якія дасылаюць рукапісы на конкурс, тым самым дэкларуюць, што:

  • з’яўляюцца аўтарамі прапанаваных тэкстаў;
  • з’яўляюцца дэбютантамі паводле выкладзеных вышэй крытэраў;
  • змогуць удзельнічаць у майстар-класах, папярэдне прызначаных на другую палову жніўня 2020 года, у вочнай або дыстанцыйнай форме;
  • пагаджаюцца на абмеркаванне фрагментаў дасланых тэкстаў у межах майстар-класаў, а таксама на магчымае бясплатнае выкарыстанне фрагментаў твораў у мэтах конкурсу;

Пры выяўленні парушэння адной ці некалькіх з пералічаных тут умоваў арганізатары маюць права адмовіць асобе ва ўдзеле на любым этапе конкурсу.

Літаратурнае журы і кіраўнікі майстар-класаў

Сяргей Дубавец


Пісьменнік, публіцыст, крытык і выдавец. Галоўны рэдактар газеты “Наша ніва” (1991 – 2000), рэдактар літаратурных праектаў “Радыё Свабода”. Аўтар і суаўтар некалькіх кніг публіцыстыкі, аўтар двух кніг мастацкай прозы (“Сіні карабель у блакітным моры плыве” (2014) і “Д’ябал запрэжаны ў плуг” (2018)). Лаўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭНа (1998), прэмій “Гліняны Вялес” (2005) і “Залаты апостраф” (2015).

Настасся Кудасава


Паэтка, аўтарка трох кніг вершаў (“Лісце маіх рук” (2005), “Рыбы” (2013), “Маё невымаўля” (2016), Лаўрэатка прэміі “Кніга году – 2016”, лаўрэатка Фестывалю Уладзіміра Караткевіча (2019).

Андрэй Хадановіч


Паэт, публіцыст, перакладчык паэзіі, прозы, песень і драматычных твораў. Выкладчык гісторыі замежнай літаратуры на філалагічным факультэце БДУ і ў Беларускім Калегіуме, кіраўнік Перакладніцкай Майстэрні ў Беларускім ПЭНе. Рэдактар і ўкладальнік дзясяткаў кніг беларускіх і замежных аўтараў. Аўтар 12 кніг паэзіі, якія выходзілі ў Беларусі і за яе межамі. За кнігу дзіцячых вершаў “Нататкі таткі” атрымаў прэмію “Кніга году” (2015). Лаўрэат прэміі “Залаты апостраф” (2007). Лаўрэат прэміі імя Карласа Шэрмана за пераклад вершаў Шарля Бадлера (2017).

Вальжына Морт


Паэтка, перакладчыца, выкладчыца паэзіі ў Карнэльскім універсітэце (ЗША). Аўтарка чатырох кніг паэзіі, якія выйшлі ў Беларусі і ЗША: “Я тоненькая як твае вейкі” (2005), “Factory of Tears” (2008), “Collected Body” (2011), “Эпідэмія ружаў” (2017). Кнігі таксама выходзілі ў Нямеччыне, Швецыі і Украіне. Новы паэтычны зборнік, “Music for the Dead and Resurrected”, выйдзе ў ЗША напрыканцы году. Лаўрэатка шматлікіх еўрапейскіх і амерыканскіх узнагарод. Піша па беларуску і па-англійску.

Барыс Пятровіч


Празаік, публіцыст, выдавец, старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Галоўны рэдактар літаратурнага альманаха “Дзеяслоў”, рэдактар серыі “Кнігарня пісьменніка” СБП. Аўтар больш чым дзясятка кніг прозы. Лаўрэат прэміі часопіса “Маладосць” за кнігу “Ловы” (1992), прэміі “Гліняны Вялес” за кнігу “Жыць не страшна” (2008).

Мэты конкурсу

Мы імкнемся падтрымаць таленавітых аўтараў, якія пішуць па-беларуску, напачатку творчай кар’еры, ствараючы разам з тым перспектыўныя прапановы для айчынных выдавецтваў, зацікаўленых у з’яўленні новых твараў сучаснай літаратуры. Мы вітаем развіццё новых кірункаў і стыляў паэзіі, прозы і драматургіі, якая ствараецца ва ўсім свеце на беларускай мове. Мы выступаем за павышэнне стандартаў літаратурнай працы, рэдактуры, кнігавыдання ў Беларусі.

Конкурс звязаны з іменем класіка беларускай літаратуры ХХ стагоддзя Уладзіміра Караткевіча, 90-годдзе якога  шырока адзначаецца сёлета. Пісьменніка, які ствараў ці не ўва ўсіх магчымых літаратурных жанрах, многія з якіх  складаюць аснову актуальнага літпрацэсу Беларусі.

 

Конкурс не быў бы магчымы без падтрымкі кампаніі “5 элемент” і асабіста мецэната Андрэя Балабіна.