Конкурс маладых літаратараў “Экслібрыс”

Саюз Беларускіх пісьменнікаў абвесціў конкурс да 90-годдзя пісьменніка. Аўтары і аўтаркі ў веку да 35 гадоў могуць даслаць свае творы да 1 лістапада.

Прыём заявак на Конкурс “Экслібрыс” імя Уладзіміра Караткевіча

Сёлета на конкурс, абвешчаны ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” да 90-годдзя класіка, будуць прымацца літаратурныя працы ва ўсіх жанрах, у якіх ствараў Караткевіч: вершы, паэмы, апавяданні, раманы, эсэ, пераклады, п’есы і кінасцэнары.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаецца творчая моладзь у веку да 35 гадоў. Увага: да разгляду прымаюцца толькі тэксты, не апублікаваныя ў друку.

Тэксты на конкурс можна дасылаць файламі ў фармаце .doc(.docx) да 1 лістапада 2020 года на адрас [email protected], пазначыўшы тэмай ліста “Конкурс”. У лісце мусіць быць наступная інфармацыя: імя, прозвішча, дата нараджэння ўдзельніка/удзельніцы, кантактны нумар тэлефона і e-mail.

Падвядзенне вынікаў і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудуцца ўвосень, у дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы і дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеняў. Па выніках конкурсу мяркуюцца публікацыі ў часопісе “Дзеяслоў”, штомесячніку “Літаратурная Беларусь” пры газеце “Новы Час”.

За ходам конкурсу сачыце на сайце Саюза беларускіх пісьменнікаў.