Асаблівая падзяка экіпажу за выдатны верш, напісаны падчас вандроўкі.
Запрашаем усіх чытачоў, неабыякавых да літаратуры і пажарожжаў, выправіцца па нашым маршруце ў наступны сезон. Жыве Беларусь, жыве Дняпро, жыве Караткевіч!
“Шустрыкі” прайшлі водны маршрут ад Дуброўна да Магілёва. На фота Сяржук, Карына, Аляксей Галко, Наталля Косар.
* * *
Сінявокі прастор, што глядзіць праз чароты…
Хваляў сцішаны шэпт сэрца кратае мне.
Забываешся тут на журбу і турботы
Ў час, калі, як па небе, плывеш у чаўне.
Бачыш гонкія постаці дрэў па-над кручай,
Вербы косы-галіначкі мыюць ў вадзе,
І крынічкі струменьчык празрыста-пякучы
Ўсіх, каб смагу суцішыць, да студні вядзе.
Прад вачыма няспешна праходзяць узгоркі,
Між гарлачыкаў ціха стаяць шчупакі…
То айчына мая, мая родна старонка.
Край, што Боску красу нам данёс праз вякі.
Дзень першы. Пачатак шляху
ЗРАНКУ СХАДЗІЛІ НА ВЫБАРЧЫ ЎЧАСТАК, павязаўшы стужкі, прывітаўшы назіральнікаў, сфатаграфаваўшы бюлетэні. Заехалі да сябра за тэнтам і “спасікамі” і рушылі на Оршу.
На выездзе з Мінска пабачылі кіламетровыя чэргі на ўезд, бо палосы перагароджаныя вайсковымі і міліцыяй. Пакінулі адну. Прапускаюць павольна, у некаторых кіроўцаў патрабуюць дакументы.
У Оршы былі каля трэцяй. Вырашыла зірнуць на мапу, колькі там да Дуброўна, адкуль мы вырашылі пачаць сплаў. Упс! “Герма” з мапамі, пашпартам водніка , ліхтарыкамі, аптэчкай… засталася ў Мінску. Самае цікавае – пашпарт водніка з каардынатамі людзей, з якімі маем намер сустрэцца па дарозе. Хуценькі аналіз сітуацыі… Мяняць рэчку дакладна не збіраемся. З перагонам машыны дапамагае Коля – сябра і былы калега па МАЗе. У яго дома прынтэр. Без праблем раздрукуем! Ага!!! У гонар выбараў інтэрнэту ў краіне няма. Лічы зусім. (Тады мы яшчэ не ведалі, што адсутнасць мабільнага інтэрнэту па нядзелях хутка стане справай банальнай). ОК. Як ёсць.
Дуброўна. Разгрузка. Стапель. Коля забірае машыну ў Оршу. Мы на ваду становімся каля шасці. Адразу планавалі, што ў першы дзень шмат не пойдзем – заночым у лесе на левым беразе. Так і атрымалася. Кіламетраў з 6 прайшлі, убачылі пасярод ляснога масіва вельмі прывабныя прыступачкі на стромкім беразе, а наверсе знайшлі шыкоўную пяцізоркавую стаянку з навесам, дровамі, чыстым туалетам, нават з паперай. Дый яшчэ і трава пакошаная не раней за ўчора. Стаім!
Тэрмінова зладзіла пошук тэлефона каардынатаркі Вандроўнага Фэсту Уладзіміра Караткевіча Марыі Мартысевіч, распавяла ёй пра адсутнасць паролей і явак з-за таго, што няма інтэрнэту. Атрымала імя і прозвішча кантакта на Крапіўным полі – Генадзь Шэпелеў. Жыве ў вёсцы ці то на Б, ці то на Г. Астатняй інфармацыі пакуль бракуе.
Дзень другі. Генадзь
НАВАТ НА ПЯЦІЗОРКАВАЙ СТАЯНЦЫ мне пашчасціла на невялічкі, але ж ухіл пад спінай. Так сабе паспала. Ноччу быў дожджык, але з дадатковым тэнтам не страшна.
Гадзінка сплава – і мы на Крапіўным полі (інтэрнэту па-ранейшаму амаль няма). Пайшлі з васьмігадовым сынам у вёску на Г на пошукі. Натрапілі на двух жанчын, запыталіся пра Генадзя. Тыя неяк дзіўна паглядзелі, але прапанавалі паказаць, дзе ён жыве. Калі ўбачыла дом, зразумела, чаму такія пагляды былі – на паштовай скрыні расійскі сцяжок намаляваны, дом выглядае, як класічны берлог алканаўтаў… Удакладніла ў суседкі, ці дакладна я зразумела, дзе Генадзь жыве. Тая пацвердзіла, што дакладна тут, і ён адзіны Генадзь на вёсцы. Што рабіць? Пагрукала. Адчыніліся дзверы. Выйшаў гэткі “Федзя” з “Прыгодаў Шурыка”. “Ну, я Гена!” Высветлілі, што Гена, дый не той, што трэба. Дзякуй Богу!
Вырашылі з малым усё ж дайсці да другога канца вёскі. Знайшлі бацьку з сынам. Паказала ім маленькую фотачку, што атрымалася нагугліць. Сын, паглядзеўшы, выдаў : “Тата, дык гэта ж той дзядзька, што прыплываў з таго берага на лодцы!” Бінга! Цяпер мы ведаем! Нам трэба ў вёску на Б!
Вёска на Б – не тое, каб вёска, а садовае таварыства ад некалькіх аршанскіх прадпрыемстваў. Шанцы знайсці чалавека, калі ведаеш толькі прозвішча, не надта высокія. Але ж! Муж з дзецьмі застаўся на беразе, а я распачала апытанку. Першыя чалавек 15 паведамілі, што на іх вуліцах такога няма, потым дзядзька ўзгадаў, што некалі працаваў з Генадзем, і што ён былы машыніст. Паказаў прыкладны кірунак, дзе шукаць. З’явілася надзея. Яшчэ праз некалькі запытаў натрапіла на дзяўчыну на ровары, што развозіла малако. “А навошта ён Вам?” – запыталася яна ў адказ. Растлумачыла. “Добра,” – кажа. “Пакажу, дзе яго лецішча, пачакаю колькі хвілін і, калі яго няма, вяртайцеся – патэлефануем.”
Лецішча ўразіла – арыгінальны дызайн, пагоня на сцяне, дзіцячы дамок на дрэве… Але ж, суседзі паведамілі, што гаспадар паехаў да сяброў у Оршу і будзе толькі ўвечары. Вярнулася да дзяўчыны з роварам і тэлефонам. Як і абяцала, яна набрала Генадзя: “ Прывітанне, цябе тут дзяўчына шукае. Не з міліцыі. Зараз, перадаю тэлефон.”
Во! Гэта больш падобна на чалавека, сустрэчу з якім нам раілі! Як магла, растлумачыла, хто мы, адкуль і навошта. Энергія далятала нават праз тэлефон:
– Спяшаецеся? Не? На Крапіўным полі ўжо былі? О, то добра, што не! То перапраўляйцеся на той бок, стаўце намёт, а ўвечары я да вас прыплыву пераночыць. У мяне байдарка ёсць!
Вось так мы і зладзілі паўднёўку. Увечары пазнаёміліся з Генадзем. Чалавек, без сумневу, варты таго, каб чакаць на яго палову дня. Хаваліся ад навальніцы ў намёце, дзяліліся ўспамінамі пра былыя імпрэзы і вандроўкі, размаўлялі пра сучаснае. Ад Уладзіміра Арлова, які патэлефанаваў Генадзю, даведаліся, што адбываецца ў краіне… Пра будучыню “вангаваць” цяжка.
Раніцай Генадзь зладзіў экскурсію па сваім лецішчы, яго жонка Наталля пачаставала вельмі смачнымі блінамі, з сабой насыпала садавіны і гародніны, дый наш сплаў працягнуўся.
Генадзь Шэпелеў і “Шустрыкі” на Дняпры.
Дні наступныя
НАСТУПНЫ ПРЫПЫНАК – ОРША. Пляж. У музеі паразмаўлялі з загадчыцай, узгадалі выставу Ірыны Калеснікавай, што экспанавалася тут пару год таму (мы прыязджалі дапамагчы яе здымаць). Мне давялося адказаць на колькі пытанняў, кшталту, што за акцыя, хто мы, як гэта, сплаўляцца з гадавасікам, і гэтак далей.
Пасля таго як даслала ёй здымкі са сплава, на ФБ-старонцы музея прачытала цікавую інфармацыю пра нашу сям’ю. З элементамі навуковай фантастыкі.
Дняпро для сплава не вельмі цікавы – у асноўным вербалозы па берагах. Мы імкнуліся станавіцца, каб побач лес быў, але не заўсёды атрымлівалася, і проста цвёрды выхад з роўнай пляцоўкай таксама лічылі стаянкай на тры зорачкі.
Экіпаж “Шустрыкі” на днёўцы
За Оршай адшукалі валун Гаюн, вакол якога ўсе дрэвы і кусты ўбраныя ў стужачкі. Завіталі ў Ляўкі. Тут былі з добрай экскурсіяй падчас велапрабегу, то гэтым разам проста хуценька прагледзелі экспазіцыю, прыпыніўшыся каля верша “Хлопчык і лётчык”, які малы ў школе праходзіць. Без прыпынкаў праскочылі Александрыю і Копысь, бо замчышча і з вады пабачылі. Шклоў праігнаравалі, бо трэба было тэрмінова шукаць стаянку. Вечарэла.
Чарговым, і апошнім значным прыпынкам нашага маршрута быў Магілёў. Байдарку пакінулі пад доглядам ратавальнікаў. Да ратушы наблізіліся акурат апоўдні, то пабачылі трубача, што выйшаў на гаўбец вежы і сыграў прыгожую мелодыю. Музей гісторыі Магілёва, куды мы збіраліся, знаходзіцца ў ратушы. Увайшлі. Я пайшла рабіць паперчыну пра тое, што “нас тут было”, а Сержык з дзецьмі пачаў аглядаць экспазіцыю (…)
Экскурсія была шыкоўная. І жанчына-экскурсавод унізе, і дзядзечка, што на вежу вадзіў, пакінулі вельмі добрае ўражанне. Экскурсавод Алег Дзячкоў, які меўся сустракаць удзельнікаў вадаплаўнага мобу ў Магілёве, як мы і здагадваліся, быў “на сутках”, то па горадзе гулялі самастойна.
А на наступны дзень, узважыўшы ўсе рэаліі, вырашылі трохі скараціць вандроўку і вярнуцца ў Мінск на палову дня раней, чым планавалі. Таму ў суботу я пааўтаспыніла ў Оршу за машынай.
Пошук месца для намёта непадалёк ад Магілёва быў у лепшых традыцыях жартаў пра кіроўцаў з навігатарамі, дзе на мапе дарога ёсць, а без мапы на яе ўжо і забыліся, калі тое было.
На трасе я вырашыла, што “Белнафтахім” – не нашая запраўка, такім чынам, засталіся без паліва…
Вось так, “амаль без прыгодаў” і павандравалі. Спадабалася. Дзякуй за ідэю!
“Шустрыкі”