“Светачу чалавецтва ад сяброў-падсвечнікаў”: успаміны Вячаслава Рагойшы пра Уладзіміра Караткевіча

У юбілейны год у выдавецтве "Мастацкая літаратура" выйшла друкам кніга "Дзесяць сагаў" – успаміны Вячаслава Рагойшы пра ягонага блізкага сябра  Уладзіміра Караткевіча. З дазволу аўтара змяшчаем тут урывак з кнігі.    

“ДЫПЛЁМ” УЛАДЗІМІРА КАРАТКЕВІЧА

Настаў гарачы чэрвень 1967 года. Гарачы ў прамым і пераносным сэнсе. У пераносным – найперш для мяне. Я рыхтаваўся да абароны  дысертацыі на атрыманне навуковай ступені кандыдата філалагічных навук. Прычым, датэрміновай абароны: тэрмін маёй аспірантуры заканчваўся толькі 1 лістапада. Хто ўдзельнічаў у гэтай акцыі, зразумее маё адчуванне. А тут яшчэ дададіся пабочныя акалічнасці: гэта была першая абарона на толькі што ўпершыню створаным у Беларускім дзяржаўным універсітэце спецыялізаваным Вучоным савеце па філалогіі. Па сутнасці, я ні разу не быў на такой акцыі, як абарона дысертацыі. Да гэтага, мой тагачасны напарнік – у будучым доктар філалагічных навук, загадчык кафедры рускай літаратуры БДУ, дзіцячы пісьменнік Павел Ткачоў, з якім мы павінны былі абараняцца “на пáру”, у адзін дзень, – як кажуць, сышоў з дыстанцыі: не паспеў своечасова надрукаваць аўтарэферат дысертацыі па гісторыі і тэорыі памфлета.  І я застаўся з усімі акалічнасцямі абароны сам-насам. Праўда, падтрымаць мяне актыўна прыйшлі мае сябры і калегі па аспірантуры, у тым ліку дзяўчаты. І ўсё ж…

 

Расказваю пра ўсё гэта, каб можна было адчуць мой стан 14 чэрвеня 1967 года, калі я стаяў за высокай трыбунай перад перапоўненай залай на Чырвонаармейскай вуліцы стольнага Мінска (там калісьці размяшчаўся філфак БДУ, зараз – гістарычны факультэт універсітэта). Стаяў,  даводзячы членам Вучонага савета слушнасць асобных палажэнняў свайго даследавання “Паэтыка Максіма Танка: Культура вобраза. Характар верша”. 

 

На аснове гэтай працы я напісаў пад той самай назвай манаграфію, якая праз год выйшла ў выдавецтве БДУ і была хораша ўспрынята крытыкай. Сам Максім Танк у адказ на прысланую мной кніжку напісаў такія словы: “”Шчыра Вам дзякую за <...> “Паэтыку…”, якую я прачытаў з вялікай цікавасцю, у якой Вы ўпершыню так глыбока заглянулі ў маю паэтычную лабараторыю і па-новаму прачыталі шмат якія творы. Ключом тонкага аналітыка Вы раскрылі некаторыя зашыфраваныя замкі маіх вершаў, міма якіх праходзілі шматлікія крытыкі і даследчыкі. Жадаю Вам здароўя і ўсяго найлепшага ў асабістым і творчым жыцці”.  Але ўсё гэта было пасля, праз год. А тады я вельмі хваляваўся. Тым больш, што некалькімі месяцамі раней, пры абмеркаванні дысертацыі на кафедры, адзін вучоны, які тады пісаў доктарскую дысертацыю пра стыль Янкі Купалы і Якуба Коласа, не да канца зразумеўшы сутнасць паняцця “паэтыка” (зрэшты, тады яно для некаторых гуманітарыяў гучала як “буржуазная навука генетыка” ў біялогіі), распачаў спрэчку, рэзка выступіў супраць самой мэтазгоднасці даследавання паэтыкі верша.  Праўда, урэшце яго ўдалося пераканаць у ягонай памылцы, спакойна растлумачыўшы адрозненне паміж стылістыкай і паэтыкай, паміж паняццямі “стыль аўтара” і “паэтыка аўтара”.  Але гэты вучоны значыўся сярод членаў Вучонага савета, і ўсялякае магло здарыцца. Таму  ад зразумелага хвалявання аўдыторыю я бачыў як у тумане. Тым больш – апошнія рады прысутных, дзе побач з Адамам Мальдзісам сядзеў і нешта старанна занатоўваў (як мне здавалася, пісаў вершы) запрошаны мной на абарону дысертацыі Уладзімір Караткевіч.

 

Тут я павінен зрабіць невялікае адступленне, каб растлумачыць, як сярод прысутных аказаўся “сам” Караткевіч. Вядома, тады ён яшчэ не быў тым класікам беларускай літаратуры, якім з’яўляецца сёння для нас, хоць мы, яго сябры і блізкія знаёмыя, звалі яго “класікам”. Ды ўсё ж хто з тагачасных студэнтаў і аспірантаў, для якіх Бацькаўшчына-Беларусь была больш чым месцам пражывання, а беларуская мова – не толькі паўсядзённым сродкам зносінаў, не марыў сустрэцца і пазнаёміцца з Караткевічам! Ужо выйшлі з друку яго патрыятычныя, асвяжальныя, як глыток марознага паветра, зборнікі вершаў “Матчына душа” (1958), “Вячэрнія ветразі” (1960), кніга рамантычных апавяданняў і аповесцяў “Блакіт і золата дня” (1961), з рук у рукі пераходзілі нумары “Полымя” з гістарычнымі раманамі “Нельга забыць” (1962) і “Каласы пад сярпом тваім” (1965), а таксама “Маладосці” – з захапляльным “Дзікім паляваннем караля Стаха” (1964). Ведаючы мае блізкія адносіны з пісьменнікам, некаторыя з калег-аспірантаў нават прасілі запрасіць яго на абарону. Каб пазнаёміцца з ім, атрымаць аўтограф.

 

Названыя мной творы – гэта красамоўныя факты вербальнага выяўлення творчых здольнасцей Караткевіча. Аднак існуе яшчэ адна грань таленту аўтара “Каласоў пад сярпом тваім”, якая, на жаль, і сёння  мала вядомая яго шматлікім паклоннікам. I звязана яна, як гэта, на першы погляд, ні дзіўна, не з пісьменніцкай творчасцю, а з выяўленчым мастацтвам, дакладней – з графікай. Той выпадак – абарона дысертацыі –  неспадзявана дапамог выявіць і гэтую грань яго надзвычай шырокіх творчых магчымасцей.

 

Уладзімір Караткевіч ніколі не лічыў сябе мастаком-жывапісцам, ніколі і нідзе (у адрозненне, скажам, ад Васіля Быкава) не вучыўся маляваць, не займаўся спецыяльна маляваннем, тым больш не паказваў свае малюнкі шырокай аўдыторыі. У той жа час на старонках асобных рукапісаў твораў, у  лістах, дзённіках і іншых тэкстах, што захаваліся найперш у некаторых прыватных архівах, засталіся дзясяткі, нават сотні  яго малюнкаў, сяброўскіх шаржаў, накідаў, зробленых “пад настрой”, з нейкай нагоды. Яны, на жаль, доўгі час заставаліся амаль невядомымі, бо не маглі дачакацца асобнага выхаду ў свет.

 

Упершыню ў гісторыі выдання Збораў твораў (і не толькі Караткевіча, а ўвогуле беларускіх пісьменнікаў) гэта цяпер зроблена “Мастацкай літаратурай”. Васямнаццаты том самага поўнага на сённяшні дзень дваццаціпяцітомніка Уладзіміра Караткевічса, выпуск якога курыруе філалагічны факультэт БДУ, цалкам прысвечаны графічным малюнкам пісьменніка (Мінск: Мастацкая літаратура, 2020. 512 с.). У гэты том (стар. 246–256) увайшоў і сюжэтны цыкл твораў выяўленчага мастацтва пад назвай “На абароне адной дысертацыі. 1967 год. 14 чэрвеня”. Гэта, бадай, адзіная на ўвесь том  сістэмна арганізаваная сукупнасць малюнкаў, якую з поўным правам можна назваць мастацкім цыклам, своеасаблівым мастацкім аповедам У. Караткевіча пра  пэўную падзею.  Грунтуючыся на ўласных успамінах, хочацца адгарнуць яшчэ адну старонку творчых мажлівасцей геніяльнага мастака (у самым шырокім сэнсе гэтага слова).

 

Аднак вернемся да абароны дысертацыі. Скончылася абарона паспяхова: Вучоны савет аднагалосна прагаласаваў за прысуджэнне мне навуковай ступені кандыдата філалагічных навук. Праўда, у час абароны зноў разгарнулася даволі вострая дыскусія пра разуменне самога паняцця “паэтыка твора”, а таксама пра вартасці і неабходнасць не толькі для беларускай, але і для ўсёй тагачаснай савецкай паэзіі верлібра (свабоднага верша). Гарачым абаронцам  верлібра ўвогуле і ў творчай інтэрпрэтацыі Максіма Танка, у прыватнасці, выступіў я ў сваёй дысертацыі. Несумненна, мне дапамагло тое, што мае асноўныя развагі і навуковыя высновы падтрымалі афіцыйныя апаненты – доктар філалагічных навук, прафесар Юльян Сяргеевіч Пшыркоў і тагачасны кандыдат філалагічных навук (пазней – таксама доктар філалагічных навук, прафесар, нават акадэмік НАН Беларусі) Віктар Антонавіч Каваленка, а таксама “неафіцыйны апанент” (як я яго назваў у сваім заключным слове)  Алег Антонавіч Лойка. Станоўчы водгук на аўтарэферат дысертацыі даслаў  з Брэста і галоўны “танкіст” Уладзімір Андрэевіч Калеснік… Гэта, несумненна, была перамога. І калі старшыня Вучонага савета прафесар Міхаіл Гапеевіч Булахаў зачытаў “Заключэнне савета па выніках абароны дысертацыі” і адкрытым галасаваннем яго зацвердзілі, адным з першых павіншаваць мяне падышоў Караткевіч.

 

 – Віншую, шчыра віншую! – сказаў ён, моцна ціснучы руку. – А яшчэ павіншую на другой частцы абароны.

 

 “Другая частка” праходзіла ў тагачасным кафэ “Тэатральнае”, што месцілася недалёка ад Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі.  За гасцінным сталом рэй вёў прафесар Міхась Рыгоравіч Ларчанка, чалавек-легенда, першы доктар філалагічных навук у пасляваеннай Беларусі,  настаўнік цэлага пакалення пасляваенных беларускіх літаратуразнаўцаў. Ён таксама меў неабыякі сантымент да Караткевіча. Таму слова для вітання даў яму аднаму з першых.

 

 – Слухай, стары! – звярнуўся Караткевіч да мяне, хаця гэты “стары” быў ад яго маладзейшы больш чым на  дзесяць гадоў. – Усе мы, твае сябры, ад усяго сэрца – пры гэтым прамоўца тэатральным жэстам прыціснуў руку да свайго сэрца, – віншуем цябе з выдатнай абаронай кандыдацкай дысертацыі! Сапраўды, сёння ты нават няверцам даказаў, што наш Танк – гэта глабальная ракета. Сама абарона была такая выдатная, што ўжо сёння, не чакаючы зацвярджэння яе вынікаў Масквой [у часы СССР усе дысертацыі праходзілі афіцыйнае зацвярджэнне ў Маскве ўсесаюзнай Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй. – В.Р.], яшчэ да таго, як табе смачна ВАКнецца, мы вырашылі ўручыць табе свой дыплом. Паслухай…

 

І Караткевіч сваім зычным, выдатна пастаўленым голасам, чаканячы кожнае слова, урачыста пачаў чытаць тэкст, стылізаваны пад даўні дакумент на старабеларускай мове:

             “Дыплём”.

            Шматпаважанаму мэтру, ілюстрысіме Рагойшу, як беларускія, так і іншыя элаквенцыі майстру, які вырас сам, без дапамогі тых, што “дапамагалі яму расці”, як сцвярджае ён у сціпласці сваёй.

            На знак таго, што спасцігнуў ён навукі, што калі ёсць танк, то ён – глабальная ракета.

            На знак таго, што кандыдат ён у правадзейныя члены акадэміі, а карэспандэнт-членам яму не быць, бо “ежалі розуму ў каго не хапае, але карысць навуцы можа прынесці – тым лічыцца членамі-карэспандэнтамі”.

            Табе ж прэзідэнтам акадэміі быці, або рэктарам быці, а іначай – не!!!”

 

Скончыўшы сваё чытанне пад усеагульныя воплескі, Караткевіч адным глытком апаражніў бакал шампанскага, а потым кінуў крышталёвы бакал на падлогу: “На шчасце!”. І дзіва: бакал не разбіўся. Але не быў бы то Караткевіч: ён нагнуўся, падняў бакал і, шырока размагнуўшыся,  зноў бразнуў яго аб падлогу. На гэты раз бакал разляцеўся на друзкі. А Караткевіч падышоў да Ларчанкі, папрасіў яго распісацца на “Дыплёме”, потым з гэтай жа просьбай – да Пшыркова, Лойкі, некаторых іншых членаў Вучонага савета, затым – пад не менш бурныя воплескі прысутных – уручыў яго мне. Прызнаюся, з большай радасцю і хваляваннем я атрымліваў тады гэты “Дыплём”, чым праз некалькі месяцаў з рук рэктара універсітэта – зацверджаны ўсесаюзным ВАКам “Диплом кандидата наук”…

 

Але што ж гэта быў за “Дыплём”?

Ужо дома, у Ракаве, уважліва разгледзеўшы яго разам з бацькам і маці (маці не ездзіла на абарону ў Мінск: “Баюся, сэрца не вытрымае ад перажывання…”), я сустрэўся з невядомым мне Караткевічам. Мне здавалася, што за ўвесь час, які я ведаў яго як пісьменніка і як чалавека, асабліва за апошні год, калі мы сапраўды здружыліся, сталі “на ты” (аднойчы Уладзімір нават змусіў мяне выпіць з ім на брудэршафт), невядомасці ніякай у дачыненні да Караткевіча ў мяне не стала. Не раз пераконваўся ў ягонай фенаменальнай памяці: ён ведаў на памяць ледзь не ўсяго “Яўгенія Анегіна” А. Пушкіна і “Новую зямлю” Якуба Коласа, па памяці чытаў цэлыя старонкі з “Вайны і міру” Льва Талстога, асобныя рускія і беларускія гістарычныя дакументы ў іх арыгінальным гучанні (што, дарэчы, выявілася і ў “Дыплёме”). Захапляўся яго густым прыгожым барытонам, упэўніўся ў яго абсалютным музычным слыху, веданні сусветнага меласу. Прывык да яго зычнага, ні з чым не параўнанага смеху, да ягоных жартаў, да таго, што ён у любым калектыве мог, кажучы словамі Піліпа Пестрака, “даць нечаканасць”.  І ўсё ж… Перада мной адкрыўся Караткевіч яшчэ з аднаго, невядомага не толькі мне, але і большасці тых, хто яго добра ведаў, боку. Як аказалася, ён, апрача ўсяго іншага, выявіўся яшчэ і неабыякім мастаком-графікам. Несумненна, шчодрая прырода надзяліла яго творчымі мажлівасцямі ледзь не ва ўсіх (а, мажліва, і ва ўсіх) відах мастацтва, а не толькі ў галіне літаратуры…

 

“Дыплём” намаляваны (не памыляюся: сапраўды намаляваны, а не толькі напісаны) на асобных лістках белай паперы “ў васьмушку”, апраўлены ў вокладкі з такой жа паперы (“Дык вось чым займаўся Караткевіч, старанна нешта крэмзаючы за сталом!”). На першай старонцы вокладкі, на фоне запаленай паходні, словы: “На абароне адной дысертацыі. 1967 год. 14 чэрвеня”. Яшчэ ніжэй: “Мэтру Славу ад падмайстра Вовы Караткевіча”. Затым на асобных лістах-укладках ішлі арыгінальныя малюнкі Караткевіча, намаляваныя аўтаручкай з любімым чорным чарнілам, пераважна выявы ўдзельнікаў абароны дысертацыі. Некалькімі скупымі штрыхамі Караткевіч не толькі “схопліваў” рэальныя абрысы тых ці іншых абліччаў, але імкнуўся таксама перадаць характар чалавека, наколькі гэта можна было ўлавіць за пару гадзін пераважна “шапачнага” знаёмства з людзьмі. Здзіўляе мяне дагэтуль, як мастак (так, мастак!), які, магчыма, першы раз бачыў чалавека, мог адразу “вычуць” ягоны характар, убачыць яго характэрную паставу, манеру трымацца, слухаць, гаварыць…

Вось некалькі дзявочых партрэтаў, з якіх пачынаецца “Дыплём”. Пад імі агульны подпіс: “Дзяўчаты на славутай абароне (1967 г.) Славы Рагойшы (1942 года)”. Назваўшы гады, Караткевіч, відаць, тым самым падкрэсліў маладосць дысертанта ў параўнанні з узростам слухачак, якія, аднак, прыйшлі на абарону, старанна прычапурыліся (адны іх прычоскі чаго вартыя!) і ўважліва слухаюць…

 

На другой старонцы з надпісам “На абароне дысертацыі” – два партрэты: маладога тады яшчэ доктара філалагічных навук, прафесара, старшыні Вучонага савета Міхаіла Булахава і Дзмітрыя Бугаёва, вядомага крытыка і гісторыка літаратуры, тагачаснага дацэнта (пазней – прафесара) філфака БДУ. М. Булахаў паказаны ў момант зачытвання нейкіх афіцыйных папер (“Асабовай справы дысертанта”? “Заключэння Вучонага савета па абароне дысертацыі”?). Што да Дз. Бугаёва, то ягоны партрэт, відавочна, спачатку не зусім атрымаўся. І справа тут не ў знешнім падабенстве. Галоўнае – у выяўленні характару чалавека. І Караткевіч свой ранейшы малюнак перакрэслівае. Анфас замяніў профілем, намаляваным са спіны, з выразным, тыпова бугаёўскім, насцярожана-птушыным паваротам галавы.

 

Трэцяя старонка “Дыплёма” змяшчае шаржыраваны аўтапартрэт Караткевіча з засведчаным месцам падзеі: “На абароне дысертацыі Славы”. Гэта – адзін з зусім нямногіх (двух-трох) існуючых аўтапартрэтаў пісьменніка, які, на маю думку, найбольш дасканалы. Уладзімір Караткевіч падпёр твар рукой, іранічна-ўважліва сочыць за гэтым традыцыйным у навуковым свеце спектаклем – абаронай дысертацыі…

 

 А вось “Неафіцыйны апанент на “імянінах дысертанта”. Гэта – тагачасны дацэнт, пазней – доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі, вядомы пісьменнік Алег Лойка. Ён дапамагаў мне сваімі парадамі ў часе напісання дысертацыі, падтрымаў мяне пры яе абароне як неафіцыйны апанент, саму абарону назваў “імянінамі дысертанта”, за што я яму шчыра дзякаваў у сваім заключным слове, назваў яго ў ліку тых, хто “дапамагаў мне расці”. У партрэце А.Лойкі ці не найяскравей выявіліся мастацкія здольнасці Караткевіча. Усяго некалькі штрыхоў, нават не ўвесь твар, толькі яго верхняя палова – нос, на носе “акуляраў зломак” (словы з аднаго верша А.Лойкі), вялікая залысіна, – і кожны, хто хоць раз бачыў Лойку, можа яго лёгка пазнаць…

 

На пятай старонцы “Дыплёма” – “Муза вянчае Славу” – жартоўная жанравая карцінка: крылатая муза ўскладае лаўровы вянок на маю падабізну. Я ж (падабенства партрэтнага няма) разгублена трымаю вялікі ліст паперы, на якім напісана “Дысертацыя аб…” і далей намаляваны …танк. Караткевіч умеў тонка і далікатна жартаваць!

 

Мой жа партрэт, у якім сапраўды ўгадваецца пэўнае падабенства з арыгіналам, змешчаны на наступнай, шостай, старонцы “Дыплёма”. Зафіксаваў мяне Караткевіч у момант зачытвання асноўных вынікаў сваёй дысертацыйнай працы. Подпіс Vers libre, несумненна, сведчыць як пра адну з асноўных праблем даследавання, так і пра дыскусію, што разгарнулася ў час абароны.

 

На сёмай старонцы змешчаны сам тэкст “Дыплёма”, працытаваны вышэй. Але і тут Караткевіч-жартаўнік застаўся верным сабе. Тэкст “завераны” своеасаблівай пячаткай, у цэнтры якой – смешная выява савы (сімвал мудрасці) на пастаменце з двух кніжак, а па круглым перыметры “пячаткі” – надпіс, стылізаваны пад старыну: “Навоукі юунакоў пітаюць”. І закаручка подпісу…

 

Апошняя старонка вокладкі “Дыплёма” таксама не пустуе. На ёй – багіня Перамогі з запаленай паходняй, што сядзіць на спіне Льва як сімвале моцы і ўлады. І жартоўны подпіс, зноў у духу Караткевіча і нашага сяброўства: “Светачу чалавецтва ад сяброў-падсвечнікаў”

 

“Дыплём” Караткевіча вось ужо колькі дзесяцігоддзяў я захоўваю ў сваім хатнім архіве. Ён мне не менш дарагі, чым атрыманыя пасля афіцыйныя дыпломы кандыдата і доктара філалагічных навук.  Дарагі – як памятка першай значнай падзеі ў маім навуковым жыцці. Дарагі – як сведчанне майго з Караткевічам маладога сяброўства.

Вячаслаў Рагойша