Вадаплаўны флэш-моб “Ладдзя радасці”

Прапануем усім аматарам літаратуры і водных падарожжаў сплысці гэтым летам на любым вадаплаўным сродку па Дняпры ад Оршы да Рагачова. Спампуйце наш “пашпарт водніка”, каб даведацца, як ператварыць сваю вандроўку ў незабыўны квэст па гісторыі і культуры. Самых актыўных чакаюць прызы ад Вандроўнага Фэсту.

Ладдзя рэзала тугую, як вар, ваду.

А над ладдзёй, як ветразь, ляцела песня…
(“Ладдзя р…”)

Вандроўны Фэст Уладзімра Караткевіча абвяшчае вадаплаўны флэшмоб “Ладдзя радасці” у гонар 90-гадовага юбілею пісьменніка.

Прапануем усім аматарам літаратуры і водных падарожжаў у час ад 1 чэрвеня да 25 верасня сплысці на любым вадаплаўным сродку (байдаркі, лодкі / чаўны, плыты, катамараны і г. д.) па Дняпры ад Оршы (дзе нарадзіўся Караткевіч) да Рагачова (дзе ён часта гасцяваў у сям’і дзядзькі і стварыў аповесць “Ладдзя роспачы”). Даты і працягласць сплаву вызначаюць самі ўдзельнікі. Колькасць чалавек у камандзе, што сплаўляецца, можа складаць ад аднаго чалавека да бясконцасці. Сэнс вандроўкі – у тым, каб спалучыць актыўны і захапляльны занятак (які, дарэчы, вельмі любіў сам пісьменнік) ды сузіранне прыроды Падняпроўя, якая натхніла нашага класіка ХХ стагоддзя на любімыя многімі беларусамі творы, – з самаадукацыяй у гісторыі ды культуры.

Па дарозе мы прапануем наведаць нашы “парты натхнення”, якія з радасцю прымуць каманды воднікаў: порт Крапіўна, порт Ляўкі, порт Магілёў, порт Быхаў, порт Азярышча.

У Магілёве для ўдзельнікаў магчымая бясплатная экскурсія ад Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
Мы мяркуем, што стартавай кропкай станецца наш “порт Орша”, а фінішнай – “порт Рагачоў”, але каманды, у залежнасці ад жадання і магчымасцяў, могуць прайсці толькі частку прапанаванага маршруту.

Каб трапіць у лік удзельнікаў нашага дняпроўскага мобу, трэба:

Перад вандроўкай:

 

Пасля вандроўкі:

  • даслаць фота (скан) запоўненага “пашпарту каманды”, здымкі каманды і выдатных момантаў сплаву (не больш за 5 фота), а таксама (калі будуць), свае літаратурныя ўражанні  (нарысы, вершы, дзённікавыя запісы і г.д.) на адрас [email protected] з пазнакай “Ладдзя радасці” да 25 кастрычніка 2020 года.

Усе каманды, якія паспяхова пройдуць маршрут, будуць адзначаныя дыпломамі Вандроўнага Фэсту Караткевіча. Самыя хуткія, спрытныя, вынаходлівыя, цікаўныя і творча актыўныя воднікі атрымаюць памятныя падарункі ад мецэнатаў і спонсараў падчас вялікага свята ў Оршы 28-29 лістапада. Падарункам арганізатары таксама адзначаць самую арыгінальную назву вадаплаўнай каманды.

Увага! Арганізацыя прапанаванага ў межах флэш-мобу падарожжа – справа ўдзельнікаў падарожжа. Удзельнікі нясуць адказнасць за жыццё і здароўе, як сваё, так і непаўнагадовых асоб, якімі апекуюцца. Перад сплавам, калі ласка, пазнаёмцеся з тым, як рыхтавацца да воднай вандроўкі, асновамі паходнай медыцыны і ратавання на водах у адмысловых крыніцах, напрыклад, на партале “Водныя маршруты Беларусі” . Заклікаем сачыць за эпідэміялагічнай сітуацыяй, датрымлівацца правілаў і рэкамендацый Дзяржаўнай інспекцыі па малых суднах МНС Беларусі ды санітарнай бяспекі дзеля сябе і сваіх блізкіх.